РУ БЕ EN

Фестываль страў беларускай нацыянальнай кухні “Смачна есці”.

21.02.2024

Фестываль страў беларускай нацыянальнай кухні “Смачна есці”.

У дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 16 імя А.Сухамбаева г.Гродна” 21 лютага ў дзень роднай мовы праведзены фестываль страў беларускай нацыянальнай кухні “Смачна есці”.
Традыцыі беларускай кухні сыходзяць каранямі ў далёкае мінулае, шматлікім рэцэптам ужо не адно стагоддзе. Сёння нам даступна шмат страў розных кухняў свету, і тым важней захаваць памяць пра гісторыю беларускай нацыянальнай кухні, падтрымаць ў вучняў цікавасць і павагу да звычаяў нашых продкаў, да сямейных традыцый.
Школьны фестываль “Смачна есці” выклікаў вялікую цікавасць не толькі сярод вучняў, але і сярод бацькоў, якія сваім прыкладам паказалі маладому пакаленню тыя каштоўнасці, якія сапраўдны чалавек ніколі не павінен забываць.
Кожнаму класу неабходна было прыгатаваць стравы беларускай традыцыйнай кухні. Дзеці разам з бацькамі частавалі гасцей бульбянымі блінамі і калдунамі, клёцкамі з “душамі”, аладкамі з тварагом і мёдам, кулебякай з капустай, верашчакай на квасе, бабкай са шкваркамі, беларускімі каўбасамі, блінамі з мачанкай і іншымі стравамі. Члены журы, сярод якіх былі настаўнікі, вучні, прадстаўнікі школьнай сталовай, змаглі паспрабаваць розныя прысмакі, ацаніць гасціннасць і артыстызм вучняў, творчасць і арыгінальнасць прэзентацыі страў, зразумеласць і даступнасць рэцэптаў, наяўнасць беларускага народнага касцюма ў юных гаспадароў і гаспадынь.
Свята роднай кухні з’яднала вучняў, бацькоў, настаўнікаў, прыхільнікаў нацыянальных традыцый, якія згодны спасцігаць свае карані, захоўваць гістарычную і культурную спадчыну сваёй краіны, памятаць пра непаўторнасць і адметнасць яе жыцця, пра смачную гісторыю нашай Беларусі. Забываць пра гэта нельга, бо мы – беларусы, мы памятаем мінулае, шануем сучаснае і будзем ствараць светлую будучыню.